МІ́НСКІ ІНСТЫТУ́Т НАРО́ДНАЙ АДУКА́ЦЫІ,

вышэйшая навуч. ўстанова ў 1920—21. Створаны ў 1920 на базе Мінскага беларускага педагагічнага інстытута. Сярод выкладчыкаў Я.Ф.Карскі, У.А.Пічэта, праф. Дз.Ц.Кулагін, Ф.Ф.Турук, праф. Маскоўскага ун-та Р.Ю.Віпер, А.М.Беркенгейм. Дзейнічалі 3 аддзяленні: 1-е рыхтавала педагогаў для дашкольных устаноў (тэрмін навучання 2 гады); 2-е — настаўнікаў пач. школ (3 гады); 3-е — настаўнікаў сярэдніх школ (4 гады), якое складалася з 6 ф-таў: літ.-маст., сац.-гіст., прыродазнаўчы, геагр., фізіка-хім., фізіка-матэм. Меў фіз., прыродазнаўчы, гіст., этнагр. і пед. кабінеты, хім. лабараторыю, б-ку (9,5 тыс. тамоў). Пры ін-це дзейнічалі Мінскае навук. пед. т-ва (1919—23), Мінскае т-ва гісторыі і старажытнасці (1919—25). Паводле загаду Наркамасветы БССР ад 1.9.1921 1-е і 2-е аддз. ўвайшлі ў склад створанага Мінскага пед. тэхнікума, 3-е аддз. ў 1921—22 — у складзе ф-та грамадскіх навук БДУ.

Літ.:

Новик Е.К. Формирование кадров народного образования Белоруссии (1917—1941 гг.). Мн., 1981;

Ляхоўскі У. Узгадаем з удзячнасцю // Адукацыя і выхаванне. 1995. № 11.

У.В.Ляхоўскі.

т. 10, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)